Пісаць па-французску можна… масціхінам
Родны горад мае вялікі ўплыў на сваіх жыхароў. Ён можа прытуліць, натхніць… Мастачку Людмілу Аніскавец Нясвіж зачараваў ужо даўно. Сваю любоў да роднага горада яна выражае праз карціны. Вяртанне да пэндзля Пасля вучобы ў Віцебскім тэхналагічным інстытуце лёгкай прамысловасці Людміла атрымала дыплом мастака-тэхнолага і больш за 20 гадоў працавала настаўніцай. Вучыла дзяцей і маляванню, і чарчэнню, і дамаводству: —У школе мы больш надавалі ўвагі творчым праектам: пляценню з саломкі, аплікацыі, пэчварку… Шылі беларускіх лялек. У школьнай праграме гадзіны ўрокаў па мастацтве звялі да мінімуму, і гэта не на карысць эстэтычнага развіцця маладога пакалення. Дзеці ідуць дадаткова займацца на факультатывы, на гурткі, у школы мастацтваў. Навучэнцы Людмілы заўсёды займалі прызавыя дыпломы на школьных, раённых конкурсах. Ды і сама настаўніца не адставала: штогод прымала ўдзел у выставах на настаўніцкіх канферэнцыях. —Гадоў 7 таму, пасля нараджэння другога дзіцяці, прачнулася жаданне ізноў маляваць, — успамінае Людміла. — Брат дапамог разабрацца з фоташопам. Мне спадабалася перпапрацоўваць здымкі гарадскіх пейзажаў у графічныя малюнкі. Потым узялася за гелевую ручку, рабіла розныя ілюстрацыі. Вярнуцца да пэндзля натхніла просьба ксяндза Францішка аднавіць перад Калядамі шопку (калядная традыцыя ўпрыгожваць касцёл фігуркамі святых) Нясвіжскага касцёла. Мастачку заўсёды вабіла творчасць імпрэсіяністаў: —Гэты кірунак у мастацтве падабаўся мне яшчэ са студэнцтва. Асабліва працы Эдуарда Манэ, Клода Манэ, Эдуарда Картэса, Канстанціна Каровіна… Уражвае свежасць і непасрэднасць іх успрымання наваколля і тое, як імпрэсіяністы ўдала адлюстроўвалі імгненныя ўражанні. Мяне захапляе гульня колераў на халсце. Але я выбрала для працы не пэндзаль, а масціхін (металічная лапатка з выгнутай ручкай. — Аўт.). Пэўныя навыкі ўспомніліся з інстытута. Але саму тэхніку засвоіла праз інтэрнэт. Нясвіж вельмі падобны на Парыж Карціны Людмілы Аніскавец (у асноўным пейзажы і нацюрморты) надоўга застаюцца ў памяці. Масціхін дазваляе выказаць усю моц гучання колераў. Маленькая металічная лапатка ў руках мастачкі стварае прыгожую і складаную фактуру фарбы на паверхні карціны. Прыходзіш дадому — ізноў перад табой пяшчотныя пялёсткі ружы, аб’емныя кроны асенніх дрэў… —Людміла, вашы нясвіжскія пейзажы нагадваюць Францыю… —Вы маеце рацыю. Назвы гарадоў Нясвіж і Парыж сугучныя. І паколькі я прыхільніца імпрэсіянізму, які з’явіўся ў Францыі, то з’явілася жаданне маляваць Нясвіж на французскі лад. Некаторыя турысты сапраўды шчыра здзіўляліся, што я ніколі не была ў Парыжы, а пішу так па-французску. За аснову любой сваёй карціны я бяру нясвіжскія пейзажы: від на ратушу, Фарны касцёл, замак Радзівілаў, а «французскасці» надаюць дэталі. Масціхін дае вялікія магчымасці для імправізацыі падчас творчай працы… Маляваць на продаж Людміла Аніскавец пачала 4 гады таму. Асноўным пунктам стаў Нясвіжскі салон-галерэя «Скарбніца», дзе жанчына выставіла свае працы. — Першым сур’ёзным пакупніком стаў вядомы джазавы музыкант Яўген Уладзіміраў. Спачатку ён набыў маю карціну ў «Скарбніцы», а пасля стаў пастаянным кліентам. Напісаць карціну масціхінам — працэс даволі працяглы. Адна работа можа высыхаць да чатырох месяцаў! Таму да справы Людміла падключыла бацьку, які ўжо трэці сезон прадае карціны на ўваходзе ў парк, пакуль мастачка піша новыя. Пра прыхільнікаў сваёй творчасці Людміла расказвае з асаблівым настроем: —Пасля таго, як прысвяціла свой час любімай справе, маляванню, маё жыццё стала больш цікавым. Я пазнаёмілася з вялікай колькасцю людзей: ад творчых натур да сур’ёзных бізнесменаў. Сярод іх ёсць такія цікавыя людзі! І прафесары, і захопленыя старажытнымі цывілізаціямі вандроўнікі. З некаторымі падтрымліваем сувязь праз сацыяльныя сеткі. «У нас не развіта павага да мастацтва…» Інтэрнэт дазваляе мастачцы таксама паказаць сваю творчасць большаму колу людзей. Цяпер Людміла працуе над стварэннем свайго сайта art-nes.com. Яшчэ яе карціны можна паглядзець у галерэі на artmіnsk.by. —Я магу ганарыцца тым, што мае карціны прадаваліся ў Польшчу, Ізраіль, Італію, ЗША і нават у Аўстралію. Серыю карцін з выявамі замка Радзівілаў заказвала Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь, калі Нясвіж быў культурнай сталіцай Беларусі. —Ці набываюць вашы карціны самі несвіжане? —Часцей купляюць расіяне. Сярод карэнных жыхароў пакупнікоў, на жаль, няшмат. Але ў іх ёсць магчымасць хоць кожны дзень гуляць па Нясвіжы і любавацца ім (усміхаецца). Можа, таму і не бачаць сэнсу, каб набываць карціны з відам горада. Але ёсць і кліенты-несвіжане. Яны купляюць у асноўным для падарункаў. На жаль, людзі ахвотней купяць ва ўнівермагу стандартную карціну з выявай букета кветак ці ката, чым аддадуць перавагу эксклюзіву… У нас наогул не так развіта павага да мастацтва. Нядаўна я наведала Вільню і была вельмі здзіўлена! У Літве самая дарагая адукацыя — мастацкая і музычная. Там прэстыжна займацца мастацтвам.
Вераніка Цвірко
Продолжаю любоваться прекрасной картиной зимнего дня. Всем очень нравится. Желаю прекрасному и замечательному автору успехов.